Версия для слабовидящих transparent_line
Каменецкий районный
исполнительный комитет
(
fotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_imagefotogallery_image
Belorussia_map
)
Меню
h_line_delimetr
Народная творчасць Камянеччыны

Культура беларусаў непарыўна звязана з жыццём народа, яна – жывы помнік народнай творчасці, плён натхнення многіх калектываў i творчых асоб.

Сёння, калі наша грамадства перажывае не толькі сацыяльна-эканамічны, але і маральны крызіс, роля культурных традыцый, народнай мастацкай культуры выключна важная для кожнага з нас і для ўсіх нас увогуле. Праз нацыянальныя традыцыі кожны ацэньвае рэчаіснасць самастойна і адчувае сябе непаўторнай, самабытнай нацыяй.

Камянчане і жыхары краю любяць народную творчасць, захоўваюць, шануюць яе, таму што адначасова з’яўляюцца і творцамі, і захавальнікамі ўсяго каштоўнага, вечнага.

На Камянеччыне нямала таленавітых людзей, якія па імкненні сваёй душы займаюцца рознымі відамі творчасці, зберагаючы багатую беларускую народную спадчыну. Яны прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх фестывалях і конкурсах, выставах, майстар-классах, пленэрах рознага ўзроўню. Майстры народнай творчасці натхнёна працуюць над сваімі адмысловымі вырабамі, дадаюць да традыцыйнай тэхнікі выканання аўтарскія вынаходкі і з радасцю перадаюць сакрэты майстэрства дзецям.


ГОНАР ЗЯМЛІ КАМЯННЕЦКАЙ

Не кожны раён можа ганарыцца творцамі з ганаровым званнем “Народны майстар Беларусі”. Рашэннем экспертнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь высокага статусу ўдастоены таленавітыя прадстаўнікі Камянеччыны – камянецкі разьбяр па дрэве Анатоль Туркоў і майстры двухасноўнага ткацтва Надзея Грыцук з Пашукоў і Марыя Краўчынская з вёскі Падбела, якія з’яўляюцца паслядоўніцамі зберажэння традыцыі ткацтва падвойных дываноў на Камянеччыне.

*Гэты статус можа надавацца асобе, якая займаецца творчасцю ў галiне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва i ручнога мастацкага рамяства, набыла майстэрства традыцыйным спосабам праз пераемнасць цi ў працэсе самастойнай творчай працы, у сваiм мастацтве i рамястве абапiраецца на традыцыi(мясцовыя, рэгiянальныя, нацыянальныя), творча iх развiвае, праяўляе здольнасцi да iндывiдуальнай iнтэрпрэтацыi.Гэта распаўсюджваецца на тых народных майстроў, якiя займаюцца традыцыйным рамяством, прадаўжаюць i развiваюць яго традыцыi праз выкананне ўзораў традыцыйных вырабаў; ствараюць мастацкiя каштоўнасцi, што з'яўляюцца працягам народных традыцый, вынiкам мастацкага мыслення, уласцiвага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваннем беларускай нацыянальнай ментальнасцi; а таксама прымаюць удзел у выставах народнай творчасцi, святах-конкурсах, фестывалях i iншых культурна-масавых мерапрыемствах.

Туркоў Анатоль Савельевіч – самадзейны мастак, майстар разьбы па дрэве,  старшыня грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну «“Белавежская пушча і Брэстчыны “ТУР””, член абласнога клуба майстроў народнай творчасці «Скарб», член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці з 2004 года, неаднаразовы пераможца і прызёр абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якія адбываліся ў Швецыі, Літве, Польшчы. У конкурсе на лепшы беларускі сувенір, які праводзіўся па ініцыятыве Адміністрацыі Прэзідэнта, заняў 3-е месца.

Нарадзіўся 01 кастрычніка 1949 года ў г.Камянец Брэсцкай вобласці, ў многадзетнай сям'і. Яго і брата бацькі аддалі вучыцца ў Высокаўскую школу-інтэрнат, дзе хлопец пачаў самастойна маляваць, іграў у духавым аркестры, займаўся спортам. Апошнія два класы вучыўся ў СШ №1 у Камянцы і адначасова займаўся малюнкам, жывапісам і лінагравюрай у студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Заслужанага настаўніка Беларусі Дзмітрыя Раманавіча Дошчыка.

З 1975 па 1989 гады – загадчык мастацкай майстэрні раённага Дома культуры, член абласнога мастацкага Савета Упраўлення культуры; з 1989 па 1992 гады - старшыня мастацкага кааператыва «Узор»; з 1992 года - мастак КУМПП ЖКГ «Камянецкае ЖКГ».

За час творчай працы Анатоль Савельевіч зарэкамендаваў сябе дасведчаным, ініцыятыўным, старанным чалавекам з вялікім жаданнем тварыць. Дзякуючы яго невычэрпнаму энтузіязму і арганізатарскім здольнасцям,   праводзіць вялікую творчую дзейнасць разам з актыўнымі ўдзельнікамі аб’яднання аматараў мастацтваў рэгіёну “Белавежская пушча і Брэстчыны “ТУР”, якое з 2008 года плённа працуе па розных напрамках народнай творчасці.

Любімы накірунак прыкладнога мастацтва Анатоля Туркова – разьба па таніраваным фоне, якая характэрна толькі для рэгіёну Белавежская пушча. Гэту тэхніку разьбы ўпершыню распрацаваў і выканаваў мастак майстэрняў Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Юрый Іосіфавіч Кісялёў. Анатоль Туркоў працуе ў гэтай тэхніцы больш за  40 гадоў. Праца выконваецца разцамі для лінагравюры на шліфаванай бярозавай фанеры, пакрытай бейцам. Тэхніка выканання падобная да лінагравюры і адрозніваецца магчымасцю выконваць больш тонкія штрыхі, і работа выконваецца ў адзіным экзэмпляры. Памер работ можа быць дастаткова вялікім, але звычайна не больш за 1,5х1,5 м. Любімыя вобразы майстра ў гэтай тэхніцы – зубр і Камянецкая вежа.

У рэспубліканскім конкурсе «Лепшы беларускі сувенір» у 2010 годзе ён заняў 3-е месца менавіта за работы на тэму Белавежскай пушчы, выкананыя ў гэтай тэхніцы.

Гэтую тэхніку і іншыя сакрэты разьбы па дрэве, ён спасцігаў самастойна, грунтуючыся на мастацкіх здабытках беларускай традыцыйнай культуры. 

У апошнія гады прыярытэтным напрамкам яго творчасці з’яўляецца стварэнне паркавай скульптуры і малых архітэктурных форм.

Анатоль Савельевіч плённа працуе з дрэвам на пленэрах, майстар-классах, семінарах, удзельнічае у розных святах і фэстах, выставах і аглядах рознага ўзроўню, на якія атрымлівае запрашэнні з 2000 года.   Неаднаразова быў ўзнагароджан Ганаровымі граматамі і Дыпломамі.

1998г. - прызёр абласнога конкурса I Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці «Беларусь - мая песня», г.Брэст;

2000г. - прызёр абласнога конкурса «Ремесленное подворье» на лепшы твор у драўлянай скульптуры, г.Брэст;

2007г. - прызёр I Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет», г.Мінск;

2007г. - прызёр Рэспубліканскага фестывалю рамёстваў «Палітра фарбаў і фантазій», г.Мінск;

2008г. - прызёр II Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет» г. Мінск;

2009г. - прызёр Рэспубліканскай выставы-кірмашу рамёстваў «Горад майстроў», прысвечанай 65-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, г. Мінск;

У 2011г. стаў пераможцам Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу разьбярства «Дрэва жыцця», які ладзіўся ў Музеі старадаўніх рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», заняў другое месца ў намінацыі «скульптура» за стварэнне выявы героя беларускай дахрысціянскай міфалогіі Зюзі.

У 2013г. браў удзел у V рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет», быў ўдастоены дыплома II ступені Саюза народных майстроў і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за высокі ўзровень работ; стаў лаўрэатам V Міжнароднага пленэру разьбяроў па дрэве, які праходзіў у АТК «Гарадзенскi маёнтак «Каробчыцы» Гродзенскага мясакамбіната і быў узнагароджаны ганаровым дыпломам за самабытнасць і вернасць прынцыпам народнай творчасці; дыпламант II Рэспубліканскага пленэра разьбяроў па дрэве ў г.п. Зэльва (Рэспубліка Польшча).

У 2014 годзе прыймаў удзел у беларуска-польскім пленэры разьбяроў манументальнай скульптуры, які праходзіў у рамках мікра-праекта “Ад Яна да Івана - трансгранічныя культурныя мерапрыемствы”, згодна з праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва ў Еўрарэгіёне “Белавежская пушча” і ўзнагароджаны дыпломам за самабытнасць і вернасць прынцыпам народнай творчасці.

На Беларусі з пакон вякоў існуе традыцыя усталёўваць паклонныя крыжы. Туркоў А.С. вырабіў і ўсталяваў не адзін такі традыцыйны праваслаўны крыж на тэрыторыі Камянецкага раёна, у в. Бездзеж Драгічынскага  раёна, у Рэспубліцы Польшча.

Работы майстра знаходзяцца ў прыватных калекцыях Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі, Ізраіля, ЗША, Францыі, Канады і іншых, а манументальна-дэкаратыўная скульпуры ўсталяваны ў тых гарадах і мястэчках дзе былі вырабленыя, як на тэррыторыі Беларусі так і за яе межамі.

У пачатку 2015 года Упраўленнем справамі Прэзідэнта быў праведзены чарговы конкурс на лепшы беларускі сувенір, для выяўлення найлепшых узораў сувенірнай прадукцыі, якія павінны адлюстроўваць нацыянальныя асаблівасці і несці інфармацыю пра нашу краіну. Пано разьбяра Анатоля Савельевіча кансультацыйнай радай, у склад якой увайшлі вядомыя мастацтвазнаўцы, спецыялісты сферы культуры і народнай творчасці, (заключэнне №16 ад 26 сакавіка 2015 года) аднесены да ўзораў прадстаўнічай сувенірнай прадукцыі, якая будзе выкарыстана ў галерэі Дзяржаўнага падарункавага фонду прадстаўнічай сувенірнай прадукцыі Беларусі.

Анатоль Туркоў – чалавек, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку, удасканальвае свае майстэрства і паспяхова рэалізуе свае творчыя ідэі ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынцыповасць, сур’ёзнасць, патрабавальнасць да сябе, прафесійныя навыкі і ўменне арганізаваць работу – адметная пазіцыя майстра. Для Анатоля Савельевіча, па яго прызнанні, вельмі важна меркаванне недасведчаных у разьбярстве людзей, аднак галоўнае – прайсці ўласную самацэнзуру.

Майстар падтрымлівае таленавітую моладзь: запрашае працаваць у майстэрню і на мерапрыемствы, ладзіць майстар-класы. Нават вопытным

разьбярам, калі трэба, дапамагае прафесійнымі парадамі.

Дзякуючы такім людзям, улюблённым у сваю справу, рамёствы нашых продкаў не толькі не загінулі, а атрымалі сваё далейшае развіццё на Камянеччыне і па-за яе межамі.

Анатоль Туркоў сваёй плённай працай і майстэрствам уносіць неацэнны ўклад у справу прапаганды беларускага народнага мастацтва.

Грыцук Надзея Анатольеўна нарадзілася 23 ліпеня 1942 года ў  в.Пашукі. З’яўляецца народным майстарам Рэспублікі Беларусь па ткацтву “падвойных дываноў”. Статус “народны” ёй прысвоены 26 кастрычніка 2009 года (выпіска з пратакола №6 пасяджэння Экспертнай камісіі па народнаму мастацтву, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь). Надзея Анатольеўна захоўвае традыцыі двухасноўнага (падвойнага) ткацтва на Камянеччыне ўжо амаль сорак пяць год.

Ткацтвам яна цікавілася з дзяцінства, і  навучылася гэтаму ў сваёй маці. У 15 гадоў ткала ўжо самастойна посцілкі. Працягвае яна ткаць і сёння. За сваё жыццё Надзея Грыцук стварыла больш за сто падвойных дываноў.

З 2000 года, на пасадзе мастацкага кіраўніка Падбельскага сельскага Дома культуры, навучала тэхніцы падвойнага ткацтва жанчын сярэдняга ўзросту і моладзь. З пачатку 2014 года Надзея Грыцук з’яўляецца майстрам-метадыстам Камянюцкага сельскага Цэнтра рамёстваў і культуры, дзе навучае ўсіх жадаючых майстэрству падвойнага ткацтва і вырабляе сувенірную прадукцыю.

Надзея Анатольеўна кажа, што ткацтва надае ёй энергію, сілу і здароўе.

Краўчынская Марыя Іванаўна нарадзілася 28 студзеня 1951 года ў вёсцы Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці. Маладой дзяўчынай вышла замуж за працавітага хлопца з вёскі Падбела Камянецкага раёна, дзе жыве і сёння.

З 1989 прынята на пасаду дырэктара Падбельскага сельскага Дома культуры. Адна з першых у раёне пачала працаваць у напрамку адраджэння традыцыйнай культуры. Першы ў раёне і вобласці гурток падвойнага ткацтва быў адкрыты ў 2000 годзе ў сельскім Доме культуры вёскі Падбела, кіраўніком якога была Грыцук Надзея Анатольеўна. У гэтым гуртку Марыя Іванаўна хутка навучылася ткаць падвойныя (двухасноўныя) дываны, так як ткацтвам яна цікавілася з дзяцінства і навучылася ткаць палатно, “перабіранкі”, “закладанкі”  ў сваёй маці.

Ужо ў 2006 гаду падвойныя дываны, зробленныя яе рукамі, побач з дыванамі яе настаўніцы экспаніраваліся на ІІ Нацыянальнай выставе народнага мастацтва “Жывыя крыніцы”.

Марыя Іванаўна – чалавек творчы, заўседы ў пошуку, імкнецца засвоіць нешта новае. Так, акрамя ткацтва падвойных дываноў, займаецца ткацтвам рушнікоў і сурвэтак, з захапленнем займаецца стварэннем абрадавых лялек, пляценнем з бісеру.

Сёння яна ўзначальвае Падбельскі сельскі клуб, кіруе дзіцячым гуртком бісерапляцення і гурткамі ткацтва, у якіх дзеці і людзі сярэдняга ўзросту засвойваюць асновы беларускага ручнога ткацтва, у тым ліку і падвойнага.

Па выніках работы за 2009 год калектыў Падбельскага сельскага Дома культуры, які ўзначальвала Марыя Іванаўна,  быў ўзнагароджаны Ганаровай граматай аддзела культуры Камянецкага райвыканкама за актыўны ўдзел у Міжнародных і Рэспубліканскіх выставах народнай творчасці. папулярызацыю двухасноўнага (падвойнага) ткацтва, за 2010 год – за значную працу па захаванню і папулярызацыі традыцыйнай культуры і актыўную выставачную дзейнасць, за 2013 – за значны ўклад у развіццё і папулярызацыю традыцыйнай народнай творчасці, правядзенне майстар-класаў.

Неад’емнай часткай работы калектыву сельскага Дома культуры была экспедыцыйная і даследчая дзейнасць, выяўленне майстроў і ўмельцаў народнай творчасці, а так сама стварэнне і папаўненне этнаграфічнага пакоя.

У Беларусі выраб традыцыйных двухасноўных (падвойных) дываноў нажаль амаль знік, але на Камянеччыне гэта традыцыя захавалася і майстры прыкладаюць немалыя намаганні для захавання і развіцця лакальнага унікальнага беларускага рамяства, брэнда Камянецкага раёна – ручнога ткацтва двухасноўных (падвойных) дываноў.

*Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 верасня 2011 года №1214 традыцыйнай тэхналогіі двухасноўнага (падвойнага) ткацтва ў в.Падбела Камянецкага раёна прысвоены статус і катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Грыцук Н.А. і Краўчынская М.І. – ўдзельніцы шматлікіх выстаў, семінараў, майстар-класаў па ткацтву, фэстаў і святаў рознага ўзроўню: раённы смотр-конкурс “Парад падвойных дываноў”; раённая выстава народнай творчасці “Цуды сваімі рукамі”; выстава работ майстроў народнай творчасці, прафесійных і самадзейных мастакоў “Край Берасцейскі – наша натхненне, гонар, любоў і краса” у Мінску; абласны фестываль народнага мастацтва “Беларусь - мая песня”; абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Галасы Палесся”, а  таксама абласное і рэспубліканскае свята “Дзень беларускага пісьменства”, “Дажынкі” і інш. Яны - пераможцы і прызёры абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. У 2006 годзе за ўдзел ў II Нацыянальнай выставе-конкурсе народнага мастацтва “Жывыя крыніцы” адзначаны Дыпломам I ступені,  у 2007 на ІІ абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору “Галасы Палесся” “за якасць і тэхналагічнасць” абласного свята-конкурсу ткацтва, вышыўкі і народнага касцюма “Узор дзівосны на палатне і кроснах” - Дыпломам I ступені, у 2013 за ўдзел ў V Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў “Вясновы букет” - Дыпломам II ступені і г.д. У Рэспубліканскім конкурсе “Лепшы беларускі сувенір”, які праходзіў у 2010 годзе пры падтрымцы Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь занялі 1-е месца.

Зараз Грыцук Н.А. і Краўчынская М.І. займаюцца стварэннем сувенірнай прадукцыі, вырабляюць падвойныя дываны, камплекты сурвэтак, ручнікі. У сваім рамястве жанчыны абапіраюцца на мясцовыя традыцыі, творча іх развіваюць, многія ўзоры ствараюць самі.

Традыцыя ткацтва на Камянеччыне бытуе і развіваецца, дзякуючы вось такім натхнёным і ўлюбёным у сваю справу майстрам, якія лічаць за прафесійны гонар выткаць дыван, посцілку ці рушнік, каб людзі захапляліся, ацэньваючы работу, бачылі ў гэтым, у пэўным сэнсе, прадмет мастацтва, каб традыцыя гэта захоўвалася і развівалася, як каштоўны пласт нацыянальнай культуры, мастацкай творчасці.


 

Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвойных дываноў
у вёске Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці

Найбольш цікавай і арыгінальнай з’явай беларускага народнага ткацтва было і застаецца двухасноўнае (падвойнае) ткацтва. Росквіт дадзенага ткацтва ў Камянецкім раёне прыпадае на другую палову ХХ ст. і існуе па сённяшні час як жывая з’ява. Такія падвойныя (двухасноўныя) дываны быццам складаюцца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах узору. Для асновы бяруць тоўстыя ільняныя або баваўняныя ніткі, для ўтку – шарсцяную пражу хатняга вырабу. Прадзеныя ўручную ніткі надаюць дывану пэўную пругкасць, а ўзорам – рэльефнасць. Лічба “два” – ключавая ў тэрміне “падвойнае ткацтва”: двухколеравая гама дывана, два колеры нітак, якія закладваюцца ў кросны, два бакі дывана – у яго няма споду – аднолькава прыгожыя і акуратныя, толькі колеры паўтараюцца люстэркава: калі з аднаго боку жоўты ўзор на карычневым колеры поля, то з другога – карычневы на жоўтым.

Часцей за ўсё ўжываюцца ніткі чырвонага (і яго адценняў), зялёнага, сіняга, чорнага колераў, выкарыстоўваючы два кантрастныя колеры: зялёны – з карычневым або чырвоным, чырвоны – з фіялетавым або чорным і г.д. Краі камянецкіх падвойных тканін звычайна заканчваюцца махрамі: на кароткіх баках – з прадаўжэння асновы, на доўгіх – давязваюцца з такіх жа нітак, як дыван. Такой посцілкай можна карыстацца на абодва бакі. “Дыван” можа праслужыць не год і нават не пяцьдзясят. Мыць яго не варта. Узімку пакласці на снег адным бокам, другім – і ўсё “мыццё”. Дываны перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне, ад бабулі да ўнучкі, ад маці да дачкі. Такія рэчы ствараюцца з усведамленнем, што пражывуць яны стагоддзі.

Дадатковую інфармацыю магчыма атрымаць па тэлефоне: (8 01631) 2 24 54, e-mail: kamenecok-a@rambler.ru

Туркова Таццяна Анатольеўна - метадыст па народнай творчасці і фальклору аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Камянецкага райвыканкама


Народны фальклорны калектыў “Орліца”
Навіцкавіцкага сельскага Дома культуры

Фальклор з’яўляецца скарбніцай духоўных каштоўнасцей народа, яго мастацкім летапісам, захавальнікам багацейшых нацыянальных традыцый, здольнасцей. У вуснай народнай творчасці знайшлі грунтоўнае адлюстраванне грамадскае і сямейнае жыццё народа, яго вераванні і памкненні, сацыяльныя і эстэтычныя ідэалы, нормы звычаёвага права, погляды на чалавека і сусвет. Фальклор аднаўляе сувязь часоў, мацуе выпрацаваныя стагоддзямі традыцыі, на лепшых узорах створанага народам мастацтва фарміруе эстэтычныя пачуцці беларусаў.

Адным з найбольш яскравых носьбітаў і захавальнікаў мясцовых  абрадавых традыцый на Камянеччыне з’яўляецца фальклорны калектыў “Орліца” Навіцкавіцкага сельскага Дома культуры, які быў створаны ў 1974 годзе. З гэтага часу яго нязменным мастацкім кіраўніком з’яўляецца Шаўчук Вольга Уладзіміраўна, па ініцыятыве якой і быў створаны калектыў.

У шырокім і разнастайным рэпертуары калектыву - больш за сто песень. Аснову рэпертуару складаюць традыцыйныя мясцовыя  песні, абрады “Готуха”, “Калядкі”, “Каравай”, “Вяночкі”, “Вяселле”, “Зажынкі”, “Дажынкі” і інш., мясцовыя танцы. Кожны ўдзельнік калектыву мае самабытныя касцюмы: даматканыя кашулі, андаракі і фартухі, каляровыя хусткі.

Калектыў праводзіць пастаянную канцэртную дзейнасць. Часта выязджае ў сельскія клубы, выступае не толькі ў раёне і вобласці, але і па-за мяжой. Ён с поспехам гастралюе ў Польшчы і Украіне. З’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх музычных фестываляў, яго запрошваюць для выступленняў у святочных мерапрыемствах, на яго базе праводзяцца майстар-класы. Майстэрства удзельнікаў калектыва неаднаразова адзначалася дыпломамі, граматамі, памятнымі падарункамі.

Рашэннем калегіі №87 ад 22 ліпеня 2010 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень і актыўную канцэртную, выставачную дзейнасць фальклорнаму калектыву “Орліца” прысвоена званне “Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

Захоўваючы і развіваючы мясцовыя традыцыі, народны фальклорны калектыў “Орліца” атрымаў шырокую вядомасць у аматараў народнай творчасці.

Кантактная інфармацыя:

Паштовы адрас: 225061, Брэсцкая вобласць, Камянецкі раён,

вёска Навіцкавічы, вул. Школьная, 29

Тэлефон: 8(01631) 46-2-72

Дырэктар Навіцкавіцкага сельскага Дома культуры - Шаўчук Вольга Уладзіміраўна

 
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Контактная информация
Каменецкий районный
исполнительный комитет
225051, г.Каменец, ул.Брестская, 9,
e-mail: info@kamrik.by
Режим работы: с 8.00 до 17.00,
обед с 13.00 до 14.00,
выходные дни: суббота, воскресенье
8-01631-2-12-50
h_line_delimetr
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Баннер
Каменецкий районный
исполнительный комитет
225051, г.Каменец, ул.Брестская, 9,
e-mail: info@kamrik.by
Сайт разработан
БОКУП "Центр внедрения научно - технических разработок"
Каменецкий Брестский Малоритский Жабинковский Пружанский Кобринский Берёзовский Дрогичинский Ивацевичский Ивановский Барановичский Ляховичский Ганцевичский Пинский Лунинецкий Столинский